ЦІХААКІЯ́НСКІЯ ВО́ЙНЫ 1864—66 і 1879—83.
Вайна 1864—66 вялася паміж Іспаніяй (імкнулася аднавіць сваё панаванне ў краінах Лац. Амерыкі) і паўднёваамер. рэспублікамі — Перу, Чылі, Эквадорам і Балівіяй. У ліп. 1864 ісп. флот захапіў перуанскія а-вы Чынча. На баку Перу ў вер. 1865 выступіла Чылі, у снеж. 1865 да іх далучыліся Эквадор і Балівія. Спроба Іспаніі блакіраваць ціхаакіянскае ўзбярэжжа не мела поспеху, і яна адвяла свой флот. У крас. 1871 заключана перамір’е, у жн. 1879 — мірны дагавор. Вайна 1879—83 выклікана імкненнем Чылі захапіць радовішча салетры ў балівійскай і перуанскай частках пустыні Атакама. У лют. 1879 Чылі напала на Балівію, у крас. ў вайну ўступіла Перу (мела дагавор аб узаемадапамозе з Балівіяй). Чылі падтрымлівала Вялікабрытанія, Балівію і Перу — ЗША. Да канца 1879 чылійцы акупіравалі балівійскае ўзбярэжжа і перуанскую правінцыю Тарапака, у чэрв. 1880 — усю Атакаму, у студз. 1881 занялі сталіцу Перу — г. Ліма; у ліп. 1883 прымусілі Перу падпісаць мірны дагавор, паводле якога Чылі атрымала Тарапаку назаўсёды, а гарады Такна і Арыкі на 10 гадоў (у 1929 Такна вернута Перу). Балівія падпісала ў 1884 перамір’е, паводле якога страціла правінцыю Антафагаста і ў выніку выхад да мора; мірны дагавор, які замацаваў гэтае становішча, падпісаны ў 1904.
т. 17, с. 121
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)